# Статья 94. Пазбаўленне матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці


Часть кодекса «Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб культуры».


Раздел IV. КУЛЬТУРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Глава 16. АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ



1. Пазбаўленне матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ажыццяўляецца Міністэрствам культуры пасля прыняцця рашэння абласнога (Мінскага гарадскога) савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, прадугледжанага абзацам шостым падпункта 6.1 пункта 6 артыкула 84 гэтага Кодэкса, і рашэння Рады, прадугледжанага абзацам пятым падпункта 3.1 пункта 3 артыкула 84 гэтага Кодэкса.

Прапанова аб пазбаўленні матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці накіроўваецца ў Міністэрства культуры мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню.

2. Рашэнне аб пазбаўленні матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці прымаецца на падставе рашэнняў, прадугледжаных пунктамі 3 і 4 гэтага артыкула.

3. Матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць можа быць пазбаўлена статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў выпадку яе фізічнай страты або страты ёю адметных духоўных, мастацкіх, дакументальных, архітэктурных і (або) канструктыўных вартасцей, якія абумовілі наданне ёй статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, у тым ліку ў выніку ўздзеяння фактараў прыроднага або антрапагеннага паходжання, і немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці на месцы яе знаходжання.

Рашэнні аб немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «0», «1», «2» на месцы яе знаходжання, аб немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «3» на месцы яе знаходжання прымаюцца адпаведна Радай і абласным (Мінскім гарадскім) саветам па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны з улікам прапановы праектнай арганізацыі, якая ажыццяўляе распрацоўку навукова-праектнай дакументацыі, навуковай арганізацыі або музея, у штаце якіх працуюць спецыялісты з вопытам работы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны не менш за два гады.

4. Помнікі археалогіі могуць быць пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці на падставе рашэння Рады, прадугледжанага абзацам пятым падпункта 3.1 пункта 3 артыкула 84 гэтага Кодэкса, прынятага з улікам абгрунтаванай прапановы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі або асобы, ёю ўпаўнаважанай.

5. Рашэнне аб пазбаўленні матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ненарматыўным прававым актам і падлягае давядзенню да ведама юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, шляхам размяшчэння гэтага рашэння не пазней за дзесяць рабочых дзён з дня яго прыняцця на афіцыйным сайце Міністэрства культуры ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.


---

Источник: <https://etalonline.by/document/?regnum=hk1600413>

Юридически значима редакция на etalonline.by.
