# Статья 100. Пашпарт матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi


Часть кодекса «Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб культуры».


Раздел IV. КУЛЬТУРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Глава 16. АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ



1. Пасля надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці на яе складаецца пашпарт матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi па форме, устаноўленай Мiнiстэрствам культуры.

2. Пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці запаўняецца як на комплексную гісторыка-культурную каштоўнасць, так і на нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці ў яе складзе, якія належаць розным уласнікам (карыстальнікам) і (або) размешчаны на зямельных участках, якія належаць розным землекарыстальнікам.

3. У пашпарце матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўказваюцца поўныя навуковыя i фактычныя звесткi аб матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

4. Складанне пашпарта матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi забяспечваецца ўласнiкам (карыстальнікам) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальнікам, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, у двухмесячны тэрмін з дня надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ажыццяўляецца за кошт сродкаў яе ўласнiка (карыстальніка), землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, а таксама iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам.

5. Пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці складаецца навуковымi арганізацыямі, музеямі, а таксама праектнымi арганiзацыямi, якiя ажыццяўляюць распрацоўку навукова-праектнай дакументацыi, у штаце якіх працуюць спецыялісты з вопытам работы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны не менш за два гады.

6. Пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці запаўняецца ў трох экзэмплярах. Адзін экзэмпляр захоўваецца ва ўласніка (карыстальніка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці або землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, другі – у Міністэрстве культуры, трэці – у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, на тэрыторыі якога знаходзіцца матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць.

На комплексную гісторыка-культурную каштоўнасць, у склад якой уваходзяць нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія належаць розным уласнікам (карыстальнікам) і (або) размешчаны на зямельных участках, якія належаць розным землекарыстальнікам, пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці запаўняецца ў двух экзэмплярах. Адзін экзэмпляр захоўваецца ў Міністэрстве культуры, другі – у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, на тэрыторыі якога знаходзіцца комплексная гісторыка-культурная каштоўнасць.

7. У выпадку змянення звестак аб гiсторыка-культурных каштоўнасцях асобы, упаўнаважаныя мясцовымі выканаўчымі i распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, не пазней за сем каляндарных дзён з дня атрымання новых звестак уносяць у пашпарт матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi адпаведныя змяненнi, якія афармляюцца на асобным лісце змяненняў.

8. Ліст змяненняў афармляецца як дадатак да пашпарта матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і змяшчае наступныя звесткі:

8.1. дату ўнясення змянення;

8.2. назву матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, у пашпарт якой уносіцца змяненне, і падставы для яго ўнясення;

8.3. пункт пашпарта матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, у які ўносіцца змяненне;

8.4. змест змянення;

8.5. пасаду, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры яго наяўнасці) і подпіс спецыяліста, які ажыццявіў унясенне змянення.

9. Ліст змяненняў запаўняецца ў трох экзэмплярах, адзін экзэмпляр якога захоўваецца ў мясцовым выканаўчым i распарадчым органе базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, другі накіроўваецца ўласнiку (карыстальніку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, трэці – у Міністэрства культуры.


---

Источник: <https://etalonline.by/document/?regnum=hk1600413>

Юридически значима редакция на etalonline.by.
