Пры ажыццяўленні дзейнасці на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях (у тым ліку пры выкананні рамонтна-рэстаўрацыйных і (або) іншых работ), якая можа аказваць уздзеянне на нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, не дапускаецца змяненне гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей, за выключэннем навукова абгрунтаванага змянення.
Навукова абгрунтаваным змяненнем з’яўляюцца праектныя рашэнні, якія пацверджаны матэрыяламі навукова-даследчых работ і не вядуць да страты існуючых гістарычных частак нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама аб’ёмна-прасторавых рашэнняў нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Заключэнне аб прызнанні змянення нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі «0», «1», «2», прадугледжанага навукова-праектнай дакументацыяй, навукова абгрунтаваным або навукова не абгрунтаваным выдаецца Радай на падставе матэрыялаў навукова-даследчых работ.
Заключэнне аб прызнанні змянення нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі «3», прадугледжанага навукова-праектнай дакументацыяй, навукова абгрунтаваным або навукова не абгрунтаваным выдаецца абласным (Мінскім гарадскім) саветам па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны на падставе матэрыялаў навукова-даследчых работ.