# Статья 114. Рамонтна-рэстаўрацыйныя і іншыя работы, якія выконваюцца на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях


Часть кодекса «Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб культуры».


Раздел IV. КУЛЬТУРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Глава 16. АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ



1. Да рамонтна-рэстаўрацыйных работ, якія выконваюцца на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, адносяцца:

1.1. аднаўленне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накіраваных на навукова абгрунтаванае поўнае або частковае паўторнае стварэнне матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (для нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей – абавязкова на месцы іх ранейшага знаходжання);

1.2. дапаўненне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па ўзвядзенні ў месцах страты на тэрыторыі комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў) і іншых аб’ектаў паводле спецыяльна распрацаваных праектаў рэгенерацыі гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей з захаваннем аб’ёмна-прасторавай структуры;

1.3. добраўпарадкаванне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне існуючых каштоўных элементаў (у тым ліку планіровачных) тэрыторыі нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ці часткі тэрыторыі і (або) іх аднаўленне;

1.4. кансервацыя – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па часовым або доўгатэрміновым забеспячэнні захаванасці тэхнічнага стану матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку супрацьаварыйныя работы, з прымяненнем адпаведных метадаў, якія дазваляюць прадухіліць яго далейшае пагаршэнне і ствараюць умовы для экспанавання закансерваваных матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.5. перамяшчэнне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па перамяшчэнні нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх аднаўленні на новым месцы ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 104 гэтага Кодэкса;

1.6. прыстасаванне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па адаптацыі матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей да патрэбнасцей і асаблівасцей сучаснага тэхнічнага ўтрымання без дапушчэння страты іх адметных духоўных, мастацкіх, дакументальных, архітэктурных і (або) канструктыўных вартасцей, а таксама аб’ёмна-прасторавых рашэнняў;

1.7. рамонт – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па аднаўленні страчаных у працэсе эксплуатацыі і (або) паляпшэнні канструкцыйных, інжынерных, тэхнічных, эстэтычных якасцей нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей з выкарыстаннем методык і матэрыялаў, адпаведных гістарычным;

1.8. рэгенерацыя – сукупнасць работ і мерапрыемстваў па аднаўленні цэласнасці і агульнага кампазіцыйнага рашэння матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і (або) гістарычнага характару размяшчэння нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у навакольным асяроддзі;

1.9. рэканструкцыя – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накіраваных на прыстасаванне і (або) выкарыстанне нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх частак і (або) элементаў з улікам сучасных патрэб без змянення аб’ёмна-прасторавых рашэнняў, дапушчэння страты іх адметных духоўных, мастацкіх, дакументальных, архітэктурных і (або) канструктыўных вартасцей;

1.10. рэстаўрацыя – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў мэтах выяўлення, захавання і (або) аднаўлення адметных духоўных, мастацкіх, дакументальных, архітэктурных і (або) канструктыўных вартасцей матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей без дапушчэння страты імі існуючых каштоўных гістарычных элементаў.

2. Рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, за выключэннем работ па бягучым рамонце, павінны выконвацца на падставе навукова-праектнай дакументацыі пры ўмове ажыццяўлення навукова-метадычнага кіраўніцтва і аўтарскага нагляду ў адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 116 гэтага Кодэкса.

Работы па бягучым рамонце на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях павінны выконвацца на падставе праграмы работ з выкарыстаннем методык і матэрыялаў, адпаведных гістарычным, пры ўмове ажыццяўлення аўтарскага нагляду ў адпаведнасці з часткай другой пункта 1 артыкула 116 гэтага Кодэкса. Патрабаванні да праграмы работ па бягучым рамонце на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях вызначаюцца Міністэрствам культуры.

3. На нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях могуць выконвацца іншыя работы, накіраваныя на забеспячэнне належнага іх утрымання і выкарыстання, санітарнага стану, якія не парушаюць цэласнасці і агульнага кампазіцыйнага рашэння і (або) гістарычнага характару размяшчэння нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у навакольным асяроддзі, не закранаюць фасады, гістарычныя інтэр’еры, апорныя канструкцыі (капітальныя сцены, скляпенні, перакрыцці, падмуркі), адметныя духоўныя, мастацкія, дакументальныя, архітэктурныя і (або) канструктыўныя вартасці гісторыка-культурных каштоўнасцей.

4. Пры выкананні рамонтна-рэстаўрацыйных і іншых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях прызнаецца прыярытэт аховы гісторыка-культурнай спадчыны.


---

Источник: <https://etalonline.by/document/?regnum=hk1600413>

Юридически значима редакция на etalonline.by.
