Пасведчанне атэставанай асобы выдаецца па выніках праходжання грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, атэстацыі на права атрымання такога пасведчання.
Атэстацыя на права атрымання пасведчання атэставанай асобы (далей – атэстацыя) праводзіцца ў мэтах пацвярджэння прафесійных ведаў грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прэтэндуюць на атрыманне пасведчання атэставанай асобы (далей, калі не вызначана іншае, – прэтэндэнт), і пацвярджэння ўмення прымяняць гэтыя веды пры распрацоўцы навукова-праектнай дакументацыі.
Да атэстацыі дапускаюцца прэтэндэнты, якія маюць вышэйшую адукацыю ў сферы архітэктуры і будаўніцтва.
- Атэстацыя праводзіцца атэстацыйнай камісіяй, склад якой зацвярджаецца Міністэрствам культуры.
Атэстацыйная камісія дзейнічае на падставе зацверджанага ёю рэгламенту.
Для правядзення атэстацыі арганізацыя, у штаце якой працуе грамадзянін, які прэтэндуе на атрыманне пасведчання атэставанай асобы, або індывідуальны прадпрымальнік, які прэтэндуе на атрыманне пасведчання атэставанай асобы, звяртаюцца ў Міністэрства культуры з пісьмовай заявай аб правядзенні атэстацыі, да якой дадаюцца копія дыплома аб вышэйшай адукацыі прэтэндэнта, выпіска з працоўнай кніжкі прэтэндэнта і копія дыплома аб перападрыхтоўцы на ўзроўні вышэйшай адукацыі або пасведчання аб павышэнні кваліфікацыі (пры іх наяўнасці) (далей – дакументы аб правядзенні атэстацыі).
Атэстацыя праводзіцца не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання Міністэрствам культуры дакументаў аб правядзенні атэстацыі.
У выпадку, калі не прадстаўлены дакументы аб правядзенні атэстацыі, атэстацыйная камісія прымае рашэнне аб адмове ў прыняцці заявы аб правядзенні атэстацыі ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.
Дата, час і месца правядзення атэстацыі вызначаюцца старшынёй атэстацыйнай камісіі.
Атэстацыя праводзіцца ў форме вуснага экзамену, пытанні да якога зацвярджаюцца старшынёй атэстацыйнай камісіі.
Члены атэстацыйнай камісіі заслухоўваюць адказ прэтэндэнта, якому могуць задавацца дадатковыя пытанні па тэме экзамену. Веды прэтэндэнта ацэньваюцца зыходзячы з паўнаты і дакладнасці дадзеных ім адказаў на пытанні.
Атэстацыйная камісія прымае рашэнне аб праходжанні або непраходжанні прэтэндэнтам атэстацыі, якое афармляецца пратаколам пасяджэння атэстацыйнай камісіі.
У выпадку прыняцця атэстацыйнай камісіяй рашэння аб праходжанні прэтэндэнтам атэстацыі Міністэрства культуры не пазней за пяць каляндарных дзён з дня прыняцця такога рашэння накіроўвае ў арганізацыю, індывідуальнаму прадпрымальніку, якія прадставілі дакументы аб правядзенні атэстацыі, пасведчанне атэставанай асобы.
У выпадку прыняцця атэстацыйнай камісіяй рашэння аб непраходжанні прэтэндэнтам атэстацыі Міністэрства культуры ў тэрмін, прадугледжаны часткай чацвёртай гэтага пункта, накіроўвае ў арганізацыю, індывідуальнаму прадпрымальніку, якія прадставілі дакументы аб правядзенні атэстацыі, выпіску з пратакола атэстацыйнай камісіі, якая ўтрымлівае адпаведнае рашэнне.
Пасведчанне атэставанай асобы выдаецца Міністэрствам культуры па ўстаноўленай ім форме бясплатна на пяць гадоў.
У выпадку невыканання або неадпаведнага выканання грамадзянінам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, які мае пасведчанне атэставанай асобы, абавязкаў, прадугледжаных артыкулам 118 гэтага Кодэкса, што пацвярджаецца заключэннем Рады, атэстацыйная камісія можа прыняць рашэнне аб ануляванні гэтага пасведчання.
Грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, які мае пасведчанне атэставанай асобы і якому плануецца ануляваць гэта пасведчанне, запрашаецца на пасяджэнне атэстацыйнай камісіі.
Атэстацыйная камісія заслухоўвае тлумачэнні грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, па пытанні невыканання або неадпаведнага выканання ім абавязкаў, прадугледжаных артыкулам 118 гэтага Кодэкса, і можа прыняць рашэнне аб ануляванні пасведчання атэставанай асобы.
- Рашэнне аб ануляванні пасведчання атэставанай асобы накіроўваецца Міністэрствам культуры ў арганізацыю, індывідуальнаму прадпрымальніку, якія прадставілі дакументы аб правядзенні атэстацыі, не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння.
Арганізацыя не пазней за адзін рабочы дзень з дня атрымання рашэння аб ануляванні пасведчання атэставанай асобы паведамляе аб гэтым грамадзяніну, у адносінах да якога прынята такое рашэнне.
Грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, у адносінах да якога прынята рашэнне аб ануляванні пасведчання атэставанай асобы, абавязаны вярнуць гэта пасведчанне ў Міністэрства культуры.
Арганізацыя, у штаце якой працуе грамадзянін, у адносінах да якога прынята рашэнне аб ануляванні пасведчання атэставанай асобы, або індывідуальны прадпрымальнік, у адносінах да якога прынята такое рашэнне, праз два гады з дня прыняцця рашэння могуць паўторна прадставіць у Міністэрства культуры дакументы аб правядзенні атэстацыі.
Рашэнні аб адмове ў прыняцці заявы, аб непраходжанні прэтэндэнтам атэстацыі, аб ануляванні пасведчання атэставанай асобы могуць быць абскарджаны ў суд.