- Юрыдычныя асобы, грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якім аказваюцца паслугі бібліятэк, з’яўляюцца карыстальнікамі бібліятэк. Карыстальнікі бібліятэк, якія атрымліваюць паслугі бібліятэк з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, лічацца віртуальнымі (аддаленымі) карыстальнікамі бібліятэк.
Парадак карыстання бібліятэкай, пералік асноўных паслуг і ўмовы іх аказання ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай.
Карыстальнікі бібліятэк маюць права на бiблiятэчнае, iнфармацыйнае i даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне згодна з іх патрэбнасцямi i iнтарэсамi.
Права на бiблiятэчнае, iнфармацыйнае i даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне забяспечваецца шляхам:
3.1. стварэння розных відаў бiблiятэк;
3.2. садзейнічання доступу да нацыянальных i сусветных баз даных;
3.3. арганізацыі мiжбiблiятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў;
3.4. выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пры ажыццяўленні дастаўкі дакументаў;
3.5. арганізацыі бiблiятэчнага, iнфармацыйнага i даведачна-бiблiяграфiчнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк па месцы жыхарства (знаходжання), працы (службы), вучобы, адпачынку;
3.6. выкарыстання нестацыянарных форм абслугоўвання;
3.7. стварэння і функцыянавання на базе дзяржаўных публічных бібліятэк публічных цэнтраў прававой інфармацыі.
- Карыстальнікі дзяржаўных бібліятэк маюць права:
4.1. бясплатна атрымліваць поўную інфармацыю аб складзе і змесце бібліятэчных фондаў;
4.2. бясплатна атрымліваць кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі;
4.3. бясплатна атрымліваць для часовага карыстання дакументы з бібліятэчных фондаў;
4.4. атрымліваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк;
4.5. атрымліваць дакументы, копіі дакументаў у электронным выглядзе па міжбібліятэчным абанеменце або праз дастаўку дакументаў;
4.6. прымаць удзел у культурных мерапрыемствах, якія праводзяцца бібліятэкамі;
4.7. выкарыстоўваць у зонах абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк тэхнічныя сродкі на аўтаномным сілкаванні без гукавых сігналаў, за выключэннем капіравальных прыбораў (сканераў, аўдыя-, фота- і відэаапаратуры), мабільных тэлефонаў і іншых тэхнічных сродкаў у мэтах фота- і відэаздымкі дакументаў з бібліятэчных фондаў;
4.8. карыстацца паслугамі бібліятэк, у тым ліку платнымі;
4.9. іншыя правы ў адпаведнасці з актамі заканадаўства.
Асобы з аслабленым зрокам і асобы, пазбаўленыя зроку, маюць права на атрыманне дакументаў на спецыяльных матэрыяльных носьбітах інфармацыі.
Інваліды і іншыя фізічна аслабленыя асобы маюць пераважнае права атрымліваць дакументы з бібліятэчных фондаў публічных бібліятэк праз нестацыянарныя формы абслугоўвання.
Карыстальнікі бібліятэк маюць права ўдзельнічаць у дзейнасці папячыцельскіх саветаў, аб’яднанняў карыстальнікаў бібліятэк.
Незаконныя дзеянні (бяздзейнасць) службовых асоб бібліятэк, якiя абмяжоўваюць правы карыстальнікаў бібліятэк, могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячую арганізацыю, кіраўніку юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца бібліятэка, і (або) у суд.
Карыстальнікі бібліятэк абавязаны:
9.1. выконваць правілы карыстання бібліятэкай;
9.2. беражліва адносіцца да бібліятэчных фондаў;
9.3. ва ўстаноўленыя бібліятэкай тэрміны вяртаць дакументы, атрыманыя з бібліятэчных фондаў;
9.4. праходзіць перарэгістрацыю карыстальнікаў бібліятэк у тэрмін і ў адпаведнасці з парадкам рэгістрацыі карыстальнікаў бібліятэк;
9.5. пры атрыманні дакументаў з дэфектамі паведаміць аб гэтым бібліятэчнаму работніку;
9.6. выконваць іншыя абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Доступ да дакументаў з бібліятэчных фондаў і інфармацыйных рэсурсаў можа быць абмежаваны ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.
Карыстальнікам бібліятэк забараняецца:
11.1. наведваць бібліятэку ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;
11.2. уваходзіць у бібліятэку з жывёламі, за выключэннем карыстальнікаў бібліятэк – асоб з аслабленым зрокам і асоб, якія страцілі зрок, у суправаджэнні сабакі-павадыра;
11.3. уносіць у бібліятэку друкаваныя выданні, колючыя і рэжучыя прадметы, калі іншае не прадугледжана правіламі карыстання бібліятэкай;
11.4. выносіць дакументы з памяшкання бібліятэкі без запісу ў формах уліку, устаноўленых бібліятэкай;
11.5. выкарыстоўваць капіравальныя прыборы (сканеры, аўдыя-, фота- і відэаапаратуру), мабільныя тэлефоны і іншыя тэхнічныя сродкі ў мэтах фота- і відэаздымкі дакументаў з бібліятэчных фондаў;
11.6. перадаваць чытацкі білет іншым асобам або карыстацца чытацкім білетам іншай асобы.
У выпадку страты, пашкоджання дакументаў з бібліятэчных фондаў карыстальнікі бібліятэк замяняюць іх ідэнтычнымі, раўнацэннымі дакументамі. Пры адсутнасці магчымасці замены дакументаў карыстальнікі бібліятэк кампенсуюць іх кошт у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам.
Карыстальнікам бібліятэк, якія парушылі тэрміны вяртання дакументаў з бібліятэчных фондаў, да моманту вяртання гэтых дакументаў выдача новых дакументаў не ажыццяўляецца.