# Статья 184. Стварэнне і адкрыццё пастаянных экспазіцый


Часть кодекса «Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб культуры».


Раздел IV. КУЛЬТУРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Глава 19. МУЗЕЙНАЯ СПРАВА



1. Стварэнне пастаянных экспазіцый з’яўляецца вынікам навукова-даследчай дзейнасці музея і адным з асноўных відаў музейнай дзейнасці.

2. Этапамі стварэння пастаяннай экспазіцыі з’яўляюцца:

2.1. распрацоўка навукова-праектнай дакументацыі пастаяннай экспазіцыі, якая складаецца з навуковай канцэпцыі, абгрунтавання асноўнай ідэі, мэт і задач пастаяннай экспазіцыі, вызначэння шляхоў іх увасаблення, тэматычнай структуры пастаяннай экспазіцыі, тэматыка-экспазіцыйнага плана;

2.2. распрацоўка архітэктурна-мастацкага рашэння пастаяннай экспазіцыі;

2.3. мантаж пастаяннай экспазіцыі.

3. Стварэнне пастаяннай экспазіцыі, у тым ліку распрацоўка навукова-праектнай дакументацыі пастаяннай экспазіцыі, ажыццяўляецца рабочай групай. Склад рабочай групы, яе кіраўнік, тэрміны пачатку і заканчэння работы па стварэнні пастаяннай экспазіцыі зацвярджаюцца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

4. У музеях з абмежаваным штатам навуковых супрацоўнікаў дапускаецца падрыхтоўка навукова-праектнай дакументацыі пастаяннай экспазіцыі музейнымі работнікамі іншых музеяў або навуковымі работнікамі навуковых устаноў на падставе грамадзянска-прававога дагавора.

5. Навуковая канцэпцыя і тэматычная структура пастаяннай экспазіцыі абмяркоўваюцца на навукова-метадычным або вучоным савеце музея і дасылаюцца на рэцэнзаванне:

дзяржаўнымі музеямі раённага, гарадскога і сельскага падпарадкавання – у дзяржаўны музей абласнога падпарадкавання адпаведнага профілю;

дзяржаўнымі музеямі абласнога (мінскага гарадскога) падпарадкавання – у дзяржаўны музей рэспубліканскага падпарадкавання адпаведнага профілю;

дзяржаўнымі музеямі рэспубліканскага падпарадкавання – у Міністэрства культуры для разгляду на Рэспубліканскім навукова-метадычным савеце па пытаннях музейнай справы;

дзяржаўнымі музеямі, якія з’яўляюцца падраздзяленнямі юрыдычных асоб, – у дзяржаўны музей абласнога (мінскага гарадскога) або рэспубліканскага падпарадкавання адпаведнага профілю;

прыватнымі музеямі – у дзяржаўны музей абласнога (мінскага гарадскога) падпарадкавання адпаведнага профілю.

Рэцэнзаванне праводзіцца не пазней за дваццаць каляндарных дзён з дня атрымання навуковай канцэпцыі і тэматычнай структуры пастаяннай экспазіцыі.

6. Навуковая канцэпцыя і тэматычная структура пастаяннай экспазіцыі не пазней за дваццаць каляндарных дзён з дня атрымання рэцэнзіі зацвярджаюцца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

Рабочая група на падставе зацверджаных навуковай канцэпцыі і тэматычнай структуры распрацоўвае тэматыка-экспазіцыйны план пастаяннай экспазіцыі.

7. Архітэктурна-мастацкае рашэнне пастаяннай экспазіцыі распрацоўваецца на падставе навукова-праектнай дакументацыі пастаяннай экспазіцыі прафесійнымі дызайнерамі і мастакамі, якія працуюць у штаце музея, або адпаведнымі спецыялістамі на падставе грамадзянска-прававога дагавора.

8. Архітэктурна-мастацкае рашэнне пастаяннай экспазіцыі абмяркоўваецца на навукова-метадычным або вучоным савеце музея і дасылаецца на рэцэнзаванне ў парадку, прадугледжаным абзацамі другім–шостым часткі першай пункта 5 гэтага артыкула.

Рэцэнзаванне праводзіцца не пазней за дваццаць каляндарных дзён з дня атрымання архітэктурна-мастацкага рашэння пастаяннай экспазіцыі.

Архітэктурна-мастацкае рашэнне пастаяннай экспазіцыі не пазней за дваццаць каляндарных дзён з дня атрымання рэцэнзіі зацвярджаецца кіраўніком музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

9. Зацверджаныя навуковая канцэпцыя, тэматычная структура і архітэктурна-мастацкае рашэнне пастаяннай экспазіцыі з’яўляюцца падставай для заключэння адпаведных дагавораў на мантаж пастаяннай экспазіцыі.

10. Канструктыўныя змяненні ў зацверджаныя навукова-праектную дакументацыю і архітэктурна-мастацкае рашэнне пастаяннай экспазіцыі могуць быць унесены па рашэнні кіраўніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, толькі пасля атрымання рэцэнзіі ў парадку, прадугледжаным пунктамі 5 і 8 гэтага артыкула.

11. Адкрыццё пастаяннай экспазіцыі ажыццяўляецца пасля яе прыёму камісіяй, створанай загадам заснавальніка музея, які з’яўляецца юрыдычнай асобай, або кіраўніка юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.


---

Источник: <https://etalonline.by/document/?regnum=hk1600413>

Юридически значима редакция на etalonline.by.
