# Статья 206. Паказ і распаўсюджванне фільмаў


Часть кодекса «Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб культуры».


Раздел IV. КУЛЬТУРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Глава 21. КІНЕМАТАГРАФІЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ



1. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паказ і распаўсюджванне фільмаў ажыццяўляюцца іх праваўладальнікамі.

2. У Рэспубліцы Беларусь забараняецца паказ фільмаў, звесткі аб якіх адсутнічаюць у Дзяржаўным рэгістры фільмаў, за выключэннем:

2.1. паказу распаўсюджвальнікамі прадукцыі тэлевізійных сродкаў масавай інфармацыі фільмаў, якія з’яўляюцца складовай часткай тэлепраграм, у тым ліку замежных тэлепраграм, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без змены формы і зместу;

2.2. паказу юрыдычнымі асобамі, на якіх ускладзены функцыі рэдакцыі тэлевізійнага сродку масавай інфармацыі, фільмаў, якім прысвоены знак узроставай катэгорыі ў іншых дзяржавах, у выпадку адпаведнасці гэтага знака патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

3. Паказ фільмаў у кіназалах, іншых спецыяльна абсталяваных памяшканнях (месцах), аснашчаных кінаабсталяваннем, можа ажыццяўляцца толькі пасля атрымання ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах дазволу на эксплуатацыю гэтых кіназалаў, іншых спецыяльна абсталяваных памяшканняў (месцаў) і абсталявання.

4. Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з аказаннем паслуг па паказе фільмаў, рэгулююцца заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.

5. Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з паказам і распаўсюджваннем фільма як аб’екта аўтарскага права, рэгулююцца заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах.


---

Источник: <https://etalonline.by/document/?regnum=hk1600413>

Юридически значима редакция на etalonline.by.
