# Статья 207. Класіфікацыя фільмаў


Часть кодекса «Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб культуры».


Раздел IV. КУЛЬТУРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Глава 21. КІНЕМАТАГРАФІЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ



1. Фільмы, прызначаныя для паказу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, звесткі аб якіх адсутнічаюць у Дзяржаўным рэгістры фільмаў, падлягаюць класіфікацыі, за выключэннем:

1.1. фільмаў, якія з’яўляюцца складовай часткай тэлепраграм, у тым ліку замежных тэлепраграм, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без змены формы і зместу распаўсюджвальнікамі прадукцыі тэлевізійных сродкаў масавай інфармацыі;

1.2. фільмаў, якім прысвоены знак узроставай катэгорыі ў іншых дзяржавах, у выпадку адпаведнасці гэтага знака патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь юрыдычнымі асобамі, на якіх ускладзены функцыі рэдакцыі тэлевізійнага сродку масавай інфармацыі.

2. Класіфікацыя фільма ўяўляе сабой аднясенне фільма ў залежнасці ад яго тэматыкі, жанру, зместу і мастацкага афармлення да пэўнай узроставай катэгорыі.

3. Класіфікацыю фільма ажыццяўляюць Міністэрства культуры або юрыдычная асоба, ім упаўнаважаная, у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах, за выключэннем выпадку, калі класіфікацыю фільма ажыццяўляе юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі тэлевізійнага сродку масавай інфармацыі.

Юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі тэлевізійнага сродку масавай інфармацыі, ажыццяўляе, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных падпунктамі 1.1 і 1.2 пункта 1 гэтага артыкула, класіфікацыю фільма, які яна плануе паказваць, у парадку і ў адпаведнасці з крытэрыямі прысваення інфармацыйнай прадукцыі знака ўзроставай катэгорыі, устаноўленымі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

4. На класіфікацыю ў Міністэрства культуры або юрыдычнай асобе, ім упаўнаважанай, фільм прадстаўляецца яго праваўладальнікам. Пры неабходнасці праваўладальнік павінен забяспечыць работнікам Міністэрства культуры або юрыдычнай асобы, ім упаўнаважанай, умовы для прагляду фільма.

5. Пасля прагляду фільмы, якія ўтрымліваюць:

элементы парнаграфіі, насілля і жорсткасці, накіроўваюцца Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, у Рэспубліканскую экспертную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці для атрымання экспертнага заключэння;

прыкметы праяўлення экстрэмізму, накіроўваюцца Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, у Рэспубліканскую экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму для атрымання экспертнага заключэння.

Пры неабходнасці для экспертнай ацэнкі фільма Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, могуць запрашацца асобы, кампетэнтныя ў пэўнай галіне ведаў.

6. Па выніках прагляду фільма і разгляду экспертных заключэнняў Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці і Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму (пры іх наяўнасці) Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, прымаецца рашэнне аб класіфікацыі фільма.

Фільм можа быць аднесены да наступных узроставых катэгорый:

«0 +» – без узроставых абмежаванняў;

«6 +» – фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту шасці гадоў;

«12 +» – фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту дванаццаці гадоў;

«16 +» – фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту шаснаццаці гадоў;

«18 +» – фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту васямнаццаці гадоў. Паказ фільмаў гэтай узроставай катэгорыі па тэлебачанні з шасці да дваццаці чатырох гадзін забараняецца.

Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, прымаецца рашэнне аб адмове ў класіфікацыі фільма ў выпадку выяўлення ў фільме элементаў парнаграфіі, прапаганды насілля і жорсткасці і (або) прыкмет праяўлення экстрэмізму.

Рашэнне аб адмове ў класіфікацыі фільма можа быць абскарджана ў вышэйстаячую арганізацыю і (або) у суд.

7. Па выніках класіфікацыі фільма Міністэрствам культуры або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай, звесткі аб фільме не пазней за пяць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння аб класіфікацыі фільма ўключаюцца ў Дзяржаўны рэгістр фільмаў.

Па выніках класіфікацыі фільма юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі тэлевізійнага сродку масавай інфармацыі, звесткі аб фільме не пазней за пяць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння аб класіфікацыі фільма прадстаўляюцца ў Міністэрства культуры або юрыдычнай асобе, ім упаўнаважанай, для ўключэння гэтых звестак у Дзяржаўны рэгістр фільмаў.

8. Знак узроставай катэгорыі фільма ўказваецца ва ўсіх выпадках выкарыстання фільма, у тым ліку пры трансляцыі па тэлебачанні, за выключэннем выкарыстання фільмаў, указаных у падпункце 1.1 пункта 1 гэтага артыкула, і яго рэкламы (буклеты, запрашальныя білеты, лістоўкі, аб’явы і іншае), а таксама на ўпакоўцы матэрыяльных носьбітаў экзэмпляраў фільма.


---

Источник: <https://etalonline.by/document/?regnum=hk1600413>

Юридически значима редакция на etalonline.by.
