- Выстаўка – культурнае мерапрыемства па публічным паказе, распаўсюджванні і (або) папулярызацыі культурных каштоўнасцей.
Арганізатар выстаўкі не пазней чым за дзесяць каляндарных дзён да дня яе правядзення абавязаны пісьмова паведаміць аб правядзенні выстаўкі ў структурнае падраздзяленне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, па месцы правядзення выстаўкі.
Пісьмовае паведамленне аб правядзенні выстаўкі павінна ўтрымліваць інфармацыю аб:
арганізатары выстаўкі (для грамадзян – прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры яго наяўнасці) і месца жыхарства, для юрыдычных асоб – назва і месца знаходжання);
аўтарах твораў, публічны паказ якіх плануецца ажыццявіць, і іх творчай дзейнасці з прадстаўленнем пераліку гэтых твораў і іх фатаграфій (відэаматэрыялаў);
найменні, часе (тэрмінах) і месцы правядзення выстаўкі.
Патрабаванні частак другой і трэцяй гэтага пункта не распаўсюджваюцца на выстаўкі, якія праводзяцца па рашэнні дзяржаўных органаў або па ўзгадненні з імі.
- У выпадку арганізацыі міжнародных выставак у Рэспубліцы Беларусь Міністэрства культуры па хадайніцтве дзяржаўнага органа або арганізацыі культуры, якія арганізуюць міжнародную выстаўку, на падставе дагавора паміж бакамі і дакумента, які пацвярджае страхаванне культурных каштоўнасцей, што ўвозяцца ў Рэспубліку Беларусь, прадастаўляе гарантыйныя абавязацельствы аб іх захаванасці і своечасовым вяртанні.
Рашэнне аб прадастаўленні гарантыйных абавязацельстваў прымаецца не пазней за пятнаццаць каляндарных дзён з дня паступлення пісьмовага хадайніцтва і выдаецца ў форме гарантыйнага пісьма Міністэрства культуры бясплатна. Гарантыйныя абавязацельствы прадастаўляюцца на перыяд знаходжання культурных каштоўнасцей на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.